Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях (ПГАЗ) разгледзела справу Паліны Шарэнда-Панасюк і вынесла рашэнне на сваім апошнім пасяджэнні 25–29 жніўня 2025 года. ПГАЗ пагадзілася з аргументамі скаргі і прызнала пазбаўленне волі беларускай палітычнай актывісткі Паліны Шарэнды-Панасюк адвольным, такім, што парушае нормы міжнароднага права.
У сваім рашэнні Працоўная група ўказала, што Паліна была пазбаўленая волі за рэалізацыю сваіх правоў на свабоду выказвання меркаванняў. Нагадваем: актывістку асудзілі па артыкулах 368 і 369 Крымінальнага кодэкса за нібыта абразу супрацоўнікаў міліцыі і прэзідэнта.
Працоўная група падкрэсліла, што такія выказванні, якімі б непрыемнымі яны ні былі для ўладаў, знаходзяцца ў межах права на свабоду выказвання меркаванняў, якое замацавана ў артыкуле 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулам 19 Пакта, — асабліва ў кантэксце меркаваных парушэнняў правоў і законнай рэакцыі грамадзяніна на несправядлівасць. Таксама Працоўная група пагадзілася з меркаваннем Спецыяльнай дакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, якая рэкамендавала Беларусі скасаваць артыкулы 368 і 369 Крымінальнага кодэкса.
Акрамя таго, падчас судоў па крымінальных справах Паліны былі груба парушаныя яе правы на справядлівы судовы разгляд. У прыватнасці, парушэннямі з'яўляюцца неабгрунтаванае закрыццё судовых пасяджэнняў па частцы крымінальных спраў, змяшчэнне Паліны падчас суду ў клетку, а таксама ў цэлым залежнасць суддзяў ад выканаўчай улады і адсутнасць бесстароннасці. Пры гэтым Працоўная група пагадзілася з высновамі Спецыяльнай дакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі аб тым, што ў краіне адсутнічае незалежная судовая сістэма, і адзначыла, што беларускія суддзі вядуць «абвінаваўчыя» вытворчасці, парушаючы прэзумпцыю невінаватасці і права абвінавачаных на доступ да адваката.
Працоўная група асобна апісала і асудзіла практыку прымянення артыкула 411 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»), якую ў Беларусі выкарыстоўваюць для пастаяннага працягнення тэрміну зняволення. ПГАЗ падкрэсліла, што «сістэматычнае даданне новых абвінавачванняў з мэтай прадухіліць яе [Шарэнды-Панасюк] вызваленне» з'яўляецца практыкай, падобнай да ўтрымання пад вартай па прынцыпе «каруселі», і
цалкам несумяшчальнае з міжнароднымі нормамі.
Працоўная група прыйшла да высновы, што гэтая справа разам з іншымі справамі, якія тычацца адвольнага затрымання ў Беларусі, можа сведчыць аб шырока распаўсюджанай або сістэматычнай практыцы адвольных затрыманняў у Беларусі. ПГАЗ падкрэслівае, што дзяржавы абавязаныя не дапускаць дзеянняў, якія могуць
складаць злачынствы супраць чалавечнасці, а таксама караць за такія дзеянні, калі яны здзяйсняюцца.
Працоўная група настойліва заклікала Беларусь неадкладна выправіць становішча Паліны Шарэнды-Панасюк, забяспечыць поўнае пакрыццё стратаў, расследаваць абставіны адвольнага пазбаўлення волі Паліны і прыняць належныя меры ў дачыненні да асоб, адказных за парушэнне яе правоў.
Мандат Працоўнай групы па адвольных затрыманнях прадугледжвае расследаванне выпадкаў адвольнага пазбаўлення волі або пазбаўлення волі ў парушэнне міжнародных нормаў, замацаваных ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ці міжнародна-прававых актах.
За падрабязнасцямі і пашыранымі каментарамі звяртайцеся па кантактах:
advocacy@respectprotectfulfill.org; inst: @rpf_org; fb: @respectprotectfulfill, tg: @RPF_org.
Respect-Protect-Fulfil – гэта беларуская няўрадавая некамерцыйная праваабарончая арганізацыя, якая базуецца ў Літве. Мы прасоўваем правы чалавека ў Беларусі і за яе межамі праз стратэгічныя цяжбы ў грамадскіх інтарэсах. Працуем з органамі ААН і іншымі міжнароднымі механізмамі, аддаючы прыярытэт тэмам, якія яшчэ не станавіліся аб'ектам іх увагі.