25 жніўня 2025 года Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын (КЛДЖ) зарэгістраваў скаргу юрыст_ак арганізацыі Respect-Protect-Fulfill на дыскрымінацыю Вікторыі Кульшы і заклікаў Беларусь тэрмінова прыняць меры па яе абароне. Камітэт папрасіў надаць жанчыне неабходную медыцынскую і псіхалагічную дапамогу, а таксама забяспечыць належныя ўмовы ўтрымання.
Раней падобныя меры КЛДЖ прымаў у дачыненні да Паліны Шарэнды-Панасюк і Марыі Калеснікавай — таксама ў выніку скаргаў юрыст_ак Respect-Protect-Fulfill.
Нагадаем, першапачаткова Вікторыя Кульша была асуджана па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту і яе арганізацыю. Пасля яе яшчэ чатыры разы асудзілі па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса, нібыта за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Прыцягваць да адказнасці па гэтым артыкуле ў Беларусі могуць неабмежаваную колькасць разоў.
Зараз Вікторыя знаходзіцца ў папраўчай калоніі № 24, а раней — у ПК № 4. Умовы яе знаходжання ў месцах несвабоды бесчалавечныя: яе неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА і ПКТ, абмяжоўваюць у перадачах, лістах, званках і сустрэчах з блізкімі. Падчас знаходжання ў ШІЗА і ПКТ Вікторыя ўвесь час знаходзілася ў халодным памяшканні, без пасцельнай бялізны і матраца. Там жанчына не магла нармальна спаць, і зараз з-за холаду ў яе пачаліся праблемы з суставамі.
У знак пратэсту супраць умоў утрымання Вікторыя абвяшчала некалькі галадовак. У красавіку 2025 года стала вядома пра новую галадоўку палітзняволенай — у сувязі з узбуджэннем супраць яе пятай крымінальнай справы. У выніку ў Вікторыі развіліся сур'ёзныя праблемы са здароўем: яна часта губляе прытомнасць, перанесла два сардэчныя прыступы, у яе праблемы з ціскам, тахікардыя, нізкі гемаглабін.
Паколькі доўгае знаходжанне ў невыносных умовах без медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі негатыўна ўплывае на фізічнае і псіхалагічнае здароўе зняволеных, юрыст_кі Respect-Protect-Fulfill звярнуліся ў КЛДЖ з просьбай прыняць па справе забеспячальныя меры. Камітэт пагадзіўся з довадамі і заклікаў Беларусь даць Вікторыі «доступ да поўнага медыцынскага абследавання і псіхалагічнай падтрымкі, каб прадухіліць непапраўную шкоду яе жыццю, здароўю і псіхалагічнай устойлівасці, а таксама забяспечыць ёй належныя ўмовы ўтрымання». Забеспячальныя меры КЛДЖ з’яўляюцца абавязковымі для выканання.
У адрозненне ад папярэдніх падобных спраў, Камітэт прыняў забеспячальныя меры ў дачыненні да Вікторыі Кульшы без дадатковых патрабаванняў да абгрунтавання. Гэта важны крок у развіцці практыкі КЛДЖ па справах супраць беларускіх уладаў.
КЛДЖ – гэта міжнародны орган, які сочыць за выкананнем Канвенцыі аб ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. Беларусь удзельнічае ў дадзенай Канвенцыі з 1981 года. Зварот у КЛДЖ – адзін з нешматлікіх шляхоў, як беларускі могуць адстойваць свае правы ў міжнародных прававых механізмах.
Па падрабязнасці і пашыраныя каментары звяртайцеся па кантактах: advocacy@respectprotectfulfill.org; inst: @rpf_org ; fb: @respectprotectfulfill, tg: @RPF_org.
Respect-Protect-Fulfill – гэта беларуская незалежная няўрадавая некамерцыйная праваабарончая арганізацыя, якая базуецца ў Літве. Мы прасоўваем правы чалавека ў Беларусі і за яе межамі праз стратэгічныя справы ў грамадскіх інтарэсах. Працуем з органамі ААН і іншымі міжнароднымі механізмамі, аддаючы прыярытэт тэмам, якія яшчэ не былі аб'ектам іх увагі.