Працоўная група ААН прызнала адвольным пазбаўленне волі актывісткі Паліны Шарэнды-Панасюк і звярнула ўвагу на сістэматычную практыку адвольных затрыманняў у Беларусі
19 лістапада, 2025
Падтрымайце нас
НАШЫ СПРАВЫ

Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях (ПГАЗ) разгледзела справу Паліны Шарэнда-Панасюк і вынесла рашэнне на сваім апошнім пасяджэнні 25–29 жніўня 2025 года. ПГАЗ пагадзілася з аргументамі скаргі і прызнала пазбаўленне волі беларускай палітычнай актывісткі Паліны Шарэнды-Панасюк адвольным, такім, што парушае нормы міжнароднага права.

У сваім рашэнні Працоўная група ўказала, што Паліна была пазбаўленая волі за рэалізацыю сваіх правоў на свабоду выказвання меркаванняў. Нагадваем: актывістку асудзілі па артыкулах 368 і 369 Крымінальнага кодэкса за нібыта абразу супрацоўнікаў міліцыі і прэзідэнта. 

Працоўная група падкрэсліла, што такія выказванні, якімі б непрыемнымі яны ні былі для ўладаў, знаходзяцца ў межах права на свабоду выказвання меркаванняў, якое замацавана ў артыкуле 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулам 19 Пакта, — асабліва ў кантэксце меркаваных парушэнняў правоў і законнай рэакцыі грамадзяніна на несправядлівасць. Таксама Працоўная група пагадзілася з меркаваннем Спецыяльнай дакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, якая рэкамендавала Беларусі скасаваць артыкулы 368 і 369 Крымінальнага кодэкса. 

Акрамя таго, падчас судоў па крымінальных справах Паліны былі груба парушаныя яе правы на справядлівы судовы разгляд. У прыватнасці, парушэннямі з'яўляюцца неабгрунтаванае закрыццё судовых пасяджэнняў па частцы крымінальных спраў, змяшчэнне Паліны падчас суду ў клетку, а таксама ў цэлым залежнасць суддзяў ад выканаўчай улады і адсутнасць бесстароннасці. Пры гэтым Працоўная група пагадзілася з высновамі Спецыяльнай дакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі аб тым, што ў краіне адсутнічае незалежная судовая сістэма, і адзначыла, што беларускія суддзі вядуць «абвінаваўчыя»  вытворчасці, парушаючы прэзумпцыю невінаватасці і права абвінавачаных на доступ да адваката.
 

Працоўная група асобна апісала і асудзіла практыку прымянення артыкула 411 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»), якую ў Беларусі выкарыстоўваюць для пастаяннага працягнення тэрміну зняволення. ПГАЗ падкрэсліла, што «сістэматычнае даданне новых абвінавачванняў з мэтай прадухіліць яе [Шарэнды-Панасюк] вызваленне» з'яўляецца практыкай, падобнай да ўтрымання пад вартай па прынцыпе «каруселі», і
цалкам несумяшчальнае з міжнароднымі нормамі.

Працоўная група прыйшла да высновы, што гэтая справа разам з іншымі справамі, якія тычацца адвольнага затрымання ў Беларусі, можа сведчыць аб шырока распаўсюджанай або сістэматычнай практыцы адвольных затрыманняў у Беларусі. ПГАЗ падкрэслівае, што дзяржавы абавязаныя не дапускаць дзеянняў, якія могуць
складаць злачынствы супраць чалавечнасці, а таксама караць за такія дзеянні, калі яны здзяйсняюцца.

Працоўная група настойліва заклікала Беларусь неадкладна выправіць становішча Паліны Шарэнды-Панасюк, забяспечыць поўнае пакрыццё стратаў, расследаваць абставіны адвольнага пазбаўлення волі Паліны і прыняць належныя меры ў дачыненні да асоб, адказных за парушэнне яе правоў.

 

Мандат Працоўнай групы па адвольных затрыманнях прадугледжвае расследаванне выпадкаў адвольнага пазбаўлення волі або пазбаўлення волі ў парушэнне міжнародных нормаў, замацаваных ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ці міжнародна-прававых актах.

За падрабязнасцямі і пашыранымі каментарамі звяртайцеся па кантактах:
advocacy@respectprotectfulfill.org; inst: @rpf_org; fb: @respectprotectfulfill, tg: @RPF_org
 

Respect-Protect-Fulfil – гэта беларуская няўрадавая некамерцыйная праваабарончая арганізацыя, якая базуецца ў Літве. Мы прасоўваем правы чалавека ў Беларусі і за яе межамі праз стратэгічныя цяжбы ў грамадскіх інтарэсах. Працуем з органамі ААН і іншымі міжнароднымі механізмамі, аддаючы прыярытэт тэмам, якія яшчэ не станавіліся аб'ектам іх увагі.

Падтрымайце нас

Матэрыялы

Падтрымайце нас

Дзякуючы вашым ахвяраванням мы дапамагаем пацярпелым ад парушэнняў правоў чалавека

Мы выкарыстоўваем файлы cookies для карэктнага функцыянавання сайта і каб вам было зручна. Падрабязную інфармацыю пра файлы cookies і пра тое, як іх выдаліць, вы можаце знайсці ў нашай Палітыцы прыватнасці.