Ужо чацвёрты год у Беларусі працягваюцца масавыя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці.
Дэ-факта ўлады краіны выкарыстоўваюць шматлікія інструменты для таго, каб абмежаваць дзейнасць незалежных арганізацый і ініцыятыў, а таксама спыніць любыя праявы салідарнасці. Адным з такіх інструментаў з’яўляецца пераслед за атрыманне дапамогі ад беларусаў, якія часова пакінулі краіну.
Справа Беларускага ПЭН: ліквідацыя арганізацыі за ахвяраванні ад кіраўніцы
У жніўні 2021 года рашэннем Вярхоўнага суда быў ліквідаваны Беларускі ПЭН-Цэнтр. Асноўнай прычынай для ліквідацыі адной з найстарэйшых арганізацый Беларусі стаў той факт, што Святлана Алексіевіч, якая на той момант з’яўлялася кіраўніцай арганізацыі, зрабіла некалькі ахвяраванняў на рахунак ПЭН. Аднак паколькі Святлана знаходзілася не ў Беларусі, Міністэрства юстыцыі, якое і падала іск на ліквідацыю, палічыла яе “грамадзянкай, якая стала пражывае за мяжой”, а яе ахвяраванні - “замежнай бязвыплатнай дапамогай”, якую неабходна рэгістраваць у Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці адміністрацыі прэзідэнта. Вярхоўны Суд задаволіў пазоў, пастанавіўшы ліквідаваць Беларускі ПЭН.
Сваім рашэннем Вярхоўны Суд стварыў прэцэдэнт, па якім любы чалавек, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі даўжэй за 6 месяцаў (менавіта гэты тэрмін гучаў у справе ПЭН), можа разглядацца як той, хто “стала жыве за мяжой”, не зважаючы на асабістыя абставіны ў канкрэтнай справе. Такая інтэрпрэтацыя пакідае прастору для прыняцця адвольных рашэнняў, і можа быць выкарыстаная як інструмент ціску на любыя арганізацыі і ініцыятывы, нават тыя, якія на першы погляд не ўцягнутыя ў палітычную ці грамадскую дзейнасць - прытулкі для жывёлаў, цэнтры дапамогі цяжкахворым дзецям, і г.д. Пакуль гэтае правіла не шырока ўжываецца на практыцы, але яно ўжо ёсць у рэпрэсіўным арсенале дзяржавы, а значыць можа быць выкарыстанае ў любы момант. Фактычная забарона беларус_кам падтрымліваць беларускія арганізацыі ўнутры краіны супярэчыць стандартам свабоды асацыяцыі, якія тычацца доступу да фінансавання.
Дапамога палітвязням як замежнае фінансаванне экстрэмізму
У канцы студзеня 2024 года па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя ператрусы, допыты і арышты, пад якія трапіла як найменей 287 чалавек. Пад пераслед у асноўным трапілі сваякі палітвязняў, а таксама былыя палітвязні і палітвязынкі, якія атрымлівалі дапамогу з перадачамі і прадуктамі ў межах ініцыятывы INeedHelpBY (напярэдадні была прызнаная “экстрэмісцкім фармаваннем”).
Пасля ператрусаў і арыштаў, суды па ўсёй Беларусі сталі прымяняць новую практыку і масава судзіць людзей паводле арт. 24.15 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за “выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці”. Як мінімум 100 асоб было асуджана паводле дадзенага артыкула.
Адметным з’яўляецца тое, як суды расцэньвалі дапамогу ад беларусаў, якія знаходзіліся за мяжой і дапамагалі сем’ям людзей, што сталі ахвярамі палітычнага пераследу, з аплатай прадуктаў харчавання. Так, суды пагаджаліся з пратаколамі па арт. 24.15 КаАП, у якіх было адзначана, што людзі “атрымалі і выкарысталі замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых у інтэрнэт-краме "Еўраопт" ад замежнага аб'яднання "INeedHelpBY", у мэтах іншай экстрэмісцкай дзейнасці, выяўленай у публічнай загадзя неправамернай легітымацыі дзеянняў асоб, якія ўчынілі правапарушэнні і злачынствы, у тым ліку шляхам надання ім псеўдастатуса "палітвязняў", незаконным нівеліяванні наступстваў прыцягнення да адказнасці, чым стварыла пагрозу прычынення шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам”, і ў большасці выпадкаў прызначалі штрафы і кампенсацыю поўнай сумы дапамогі. То бок сам факт дапамогі людзям, якія знаходзяцца за кратамі, суды расцэньвалі як падтрымку і “легітымацыю злачынстваў”, а аплату картамі замежным банкаў - як “замежную бязвыплатную дапамогу”, нягледзячы на тое, што аплата звычайна праводзілася беларускімі грамадзян_камі.
Трэба заўважыць, што такое тлумачэнне дзеянняў парушае прынцып, паводле якогазакон не мае адваротнай сілы, паколькі рашэнне аб прызнанні ініцыятывы INeedHelpBY было прынятае 16 студзеня 2024 года, а пакупка прадуктаў ажыццяўлялася нашмат раней. Агулам, справа INeedHelpBY - гэта прыклад выкарыстання новай тактыкі ў больш шырокай рэпрэсіўнай стратэгіі беларускага ўраду для падаўлення любых праяў салідарнасці і прадухілення арганізацыі людзей. Такія дзеянні напрамую парушаюць права на свабоду асацыяцыі, і маюць на мэце стварыць атмасферу страха для тых, хто асмельваецца супрацьстаяць аўтарытарнаму рэжыму.
Беларуская дзяржава працягвае шукаць новыя спосабы, як парушыць правы беларус_ак, а наша праваабарончая арганізацыя Respect-Protect-Fulfill працягвае паведамляць аб такіх парушэннях правоў чалавека ў органы і спецпрацэдуры ААН. Для сувязі з намі можна выкарыстоўваць наступныя кантакты: info@respectprotectfulfill.org; inst: @rpf_org; fb: @respectprotectfulfill, tg: @RPF_org