Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын заклікаў Беларусь прыняць меры па абароне Алены Лазарчык
15 студзеня, 2026
Падтрымайце нас

12 студзеня 2026 года Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын (КЛДЖ) зарэгістраваў скаргу юрыст_ак арганізацыі Respect-Protect-Fulfill на дыскрымінацыю палітычнай зняволенай актывісткі Алены Лазарчык і заклікаў Беларусь тэрмінова прыняць меры па яе абароне. Камітэт папрасіў надаць доступ да медыцынскай дапамогі ў медыцынскай установе за межамі турмы, забяспечыць жанчыне неадкладны доступ да адваката і належныя ўмовы ўтрымання пад вартай.

Раней падобныя меры КЛДЖ прымаў у дачыненні да Паліны Шарэнды-Панасюк, Марыі Калеснікавай і Вікторыі Кульшы — таксама ў выніку скаргаў юрыст_ак Respect-Protect-Fulfill.

Нагадаем, першапачаткова Алена Лазарчык была асуджаная па артыкулах 130, 342, 361-1, 368 Крымінальнага кодэкса Беларусі да 8 гадоў пазбаўлення волі. Пасля яе таксама асудзілі па частцы 1 артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса, нібыта за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, і дадалі яшчэ паўтара года пазбаўлення волі. Прыцягваць да адказнасці па гэтым артыкуле ў Беларусі могуць неабмежаваную колькасць разоў.

Зараз Алена знаходзіцца ў папраўчай калоніі № 24 і мае шэраг праблем са здароўем. З-за ўмоў утрымання жанчына вельмі моцна схуднела, таксама мае сур'ёзныя праблемы з зубамі, якія немагчыма вырашыць у абставінах зняволення. Яна ўжо 4 гады знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, і частку часу – у бесчалавечных умовах: у халоднай і сырой камеры, пры адсутнасці нармальнага сну і доступу да незалежнага медыцынскага абследавання. Алена пазбаўлена пасылак, грашовых пераводаў, магчымасці патэлефанаваць сваякам.

Паколькі доўгае знаходжанне ў падобных умовах без медыцынскай дапамогі аказвае негатыўны ўплыў на здароўе зняволенай, юрыст_кі Respect-Protect-Fulfill звярнуліся ў КЛДЖ з просьбай прыняць па справе забеспячальныя меры. Камітэт пагадзіўся з довадамі і заклікаў Беларусь надаць Алене «доступ да ўсебаковага медыцынскага абследавання і належнай медыцынскай дапамогі ў медыцынскай установе за межамі турмы, забяспечыць ёй неадкладны доступ да адваката і забяспечыць ёй належныя ўмовы ўтрымання пад вартай на час разгляду паведамлення Камітэтам». Забеспячальныя меры КЛДЖ з’яўляюцца абавязковымі для выканання.
 

КЛДЖ – гэта міжнародны орган, які сочыць за выкананнем Канвенцыі аб ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. Беларусь удзельнічае ў дадзенай Канвенцыі з 1981 года. Зварот у КЛДЖ – адзін з нешматлікіх шляхоў, як беларускі могуць адстойваць свае правы ў міжнародных прававых механізмах.

Па падрабязнасці і пашыраныя каментары звяртайцеся па кантактах: advocacy@respectprotectfulfill.org; inst: @rpf_org; fb: @respectprotectfulfill, tg: @RPF_org

Respect-Protect-Fulfill – гэта беларуская незалежная няўрадавая некамерцыйная праваабарончая арганізацыя, якая базуецца ў Літве. Мы прасоўваем правы чалавека ў Беларусі і за яе межамі праз стратэгічныя справы ў грамадскіх інтарэсах. Працуем з органамі ААН і іншымі міжнароднымі механізмамі, аддаючы прыярытэт тэмам, якія яшчэ не былі аб'ектам іх увагі.

Падтрымайце нас

Падтрымайце нас

Дзякуючы вашым ахвяраванням мы дапамагаем пацярпелым ад парушэнняў правоў чалавека

Мы выкарыстоўваем файлы cookies для карэктнага функцыянавання сайта і каб вам было зручна. Падрабязную інфармацыю пра файлы cookies і пра тое, як іх выдаліць, вы можаце знайсці ў нашай Палітыцы прыватнасці.