Прыцягваем прадстаўнікоў улады Беларусі да адказнасці за саўдзел у вайне
Аагрэсія Расіі супраць Украіны не выклікае сумневаў у юрыст_ак і міжнародных органаў, а вось адказнасць Беларусі за ўдзел у вайне не прыходзіць аўтаматычна.
Міжнародныя органы актыўна абмяркоўваюць і выказваюцца аб агрэсіі Расіі ў дачыненні да Украіны. Напрыклад, 14 лістапада 2022 года Генассамблея ААН прыняла рэзалюцыю, што прадугледжвае кампенсацыю Украіне шкоды, нанесенай расійскім уварваннем, без узгадвання ролі Беларусі ў апошнім. Факт парушэння міжнароднага права не выклікае сумневаў у юрыстак і юрыстаў, але юрыдычная адказнасць Беларусі за ўдзел у вайне рэдка становіцца тэмай дыскусіі.
Лукашэнка і яго хаўруснікі, якія прымалі пастанову аб судзеянні агрэсіі Расіі, павінны несці крымінальную адказнасць. Мы імкнемся наблізіць гэты момант праз прыцягненне Беларусі да адказу ў Камітэце па правах чалавека ААН. Пададзеная намі скарга – першая справа такога кшталту.
Ад імя нашых заяўні_ц – грамадзянак і грамадзянаў Украіны і Беларусі – мы падалі скаргу на Беларусь у Камітэт па правах чалавека. У ёй мы сцвярджаем, што дазвол Беларусі выкарыстаць сваю тэрыторыю расійскаму войску для абстрэлу і ўварванню на тэрыторыю Украіны парушыў права на жыццё нашых заяўн_іц, а таксама права не быць пад уздзеяннем жорсткага абыходжання і права на асабістую недатыкальнасць.
Камітэт задаволіў наш запыт аб забеспячальных мерах і прапанаваў Беларусі да разгляду скаргі (або да далейшага паведамлення) «не дазваляць выкарыстоўваць сваю тэрыторыю ды інфраструктуру для правядзеньня ваенных апэрацый, што аказваюць прамое ўздзеянне і выклікаюць рэальную рызыку жорсткага абыходжання і адвольнага пазбаўленьня жыцьця» для заяўнікоў і заяўніц.
Рашэнне КПЧ па гэтай справе можа стаць першай пастановай міжнароднага органу, якая б прызнала ажыццяўленне Беларуссю злачынства агрэсіі, і важным прэцэдэнтам для міжнароднага права. Мы таксама спадзяемся, што рашэнне па гэтай справе дапаможа міжнародным органам прыцягнуць віноўных да адказнасці і ў вызначэнні рэпарацый пацярпелым ад вайны.