Абараняем правы мігрантак і мігрантаў у Еўрапейскім судзе па правах чалавека і органах ААН
Вымушаныя мігранты і мігранткі заўсёды аказваюцца на межах некалькіх юрысдыкцый, часта спазнаючы несправядлівасць кожнага з бакоў. Спробы знайсці прытулак звычайна абумоўленыя палітычным пераследам або пагрозай жыццю на радзіме. Для прымаючай дзяржавы гэтыя абставіны нярэдка аказваюцца другаснымі. Пад маркай надзвычайнага становішча ды аховы дзяржаўных межаў вымушаных мігрантаў і мігрантак падвяргаюць гвалту, выправаджэнню, катаванням і знікненням. Мы ўпэўненыя, што права на жыццё і прытулак павінна быць у кожнага чалавека.
Летам 2021 года на мяжы Беларусі і ЕС пачаўся гуманітарны крызіс, які прывёў да масавых парушэнняў правоў замежных грамадзян і грамадзянак. Людзей, сярод якіх ёсць цяжарныя жанчыны і маленькія дзеці, катавалі, збівалі, адвольна пазбаўлялі волі, утрымлівалі на мяжы без сувязі са знешнім светам. Людзі жылі ў лесе, не маючы магчымасці паведаміць родным, ці жывыя яны, без юрыдычнай дапамогі, без ежы і вады, без душа, прыбіральні і месца для сну, а таксама без магчымасці вярнуцца дадому. Бо памежнікі па абодва бакі ад мяжы выштурхоўваюць мігрант_ак са сваёй тэрыторыі на суседнюю. Нажаль, і у 2024 годзе сітуацыя працягвае быць жахлівай, ахвяраў становіцца ўсё больш.
Ад імя пацярпелых нашыя юрыстыкі вядуць справы супраць Латвіі і Польшчы ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека наконт ігнараванні просьбаў аб прытулку, выштурхоўвання ў Беларусь, адвольных затрыманняў, бесчалавечага і зневажальнага абыходжання. Мы выкарыстоўвалі і іншыя механізмы для агучвання гэтай праблемы: падавалі паведамленні ў Працоўную групу ААН па гвалтоўных знікненнях, абагульнялі досвед нашых заяўн_іц для справаздачы ў Камітэт супраць катаванняў ААН. Таксама мы ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы рэзананснага дакладу Amnesty International “Назаўжды ў латвійскіх лясах”, які паведамляе пра абыходжанне Латвіі з людзьмі, што звяртаюцца па прытулак.
Мы працягваем абараняць пацярпелых на міжнародным і нацыянальным узроўнях ды імкнемся прыцягнуць да адказнасці датычных да парушэнняў службовых асоб.