Абараняем правы працаўн_іц на свабоду аб'яднання, мірных сходаў, выказвання меркавання
Працаздольныя людзі з'яўляюцца самай вялікай групай насельніцтва Беларусі, чые правы дзяржава сістэмна парушае ўжо шмат год: "рабская" сістэма кантрактаў, магчымасць звальнення "па артыкуле" ў любы момант, прымусовая праца ў форме размеркавання, "суботнікі" і "спісы дармаедаў".
Пасля падзей жніўня 2020 года сітуацыя стала значна горшай.
Цяпер у Беларусі дзяржава прымусова ліквідавала ўсе незалежныя прафсаюзы, што займаліся абаронай правоў і інтарэсаў працуючых людзей. Работнікаў і работніц, якія ўдзельнічалі ў мірных сходах і рэалізавалі сваё законнае права на свабоду выказвання меркаванняў, масава дыскрымінуюць: на дзяржаўных прадпрыемствах ім не працягваюць кантракты або звальняюць "па артыкуле" за адбыванне адміністрацыйнага арышту, ствараюць невыносныя ўмовы працы, незаконна прымяняюць дысцыплінарныя спагнанні, а арганізацыя забастовак "па законе" - немагчымая. І гэта толькі самыя відавочныя парушэнні.
Нашы юрысты і юрысткі прадстаўляюць у Камітэце па правах чалавека звольненых з дзяржпрадпрыемстваў пасля жніўня 2020 года за:
- удзел у забастоўках
- "прагул" праз адбыццё палітычна матываванага адміністрацыйнага арышту
- прыналежнасць да незалежнага прафсаюза.
Мы абараняем правы працоўных як самастойна, так і ў супрацы з іншымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці.